МАКСУ́ТАВА ТЭЛЕСКО́П,

люстрана-лінзавы тэлескоп, пабудаваны па схемах меніскавых сістэм. Вынайдзены ў 1941 Дз.Дз.Максутавым.

У М.т. звычайна выпраўлены аберацыі: сферычная, храматычная і кома (гл. Аберацыі аптычных сістэм). Увядзенне ў люстраныя тэлескопы меніска (роўна таўшчыннай выпукла-ўвагнутай лінзы) з простымі ў вырабе сферычнымі паверхнямі дало магчымасць павялічыць іх адносную адтуліну да 1:3 і поле зроку да 5°, спрасціць канструкцыю паўторных люстэркаў для тэлескопаў схем Касегрэна і Грэгары, герметызаваць трубу і засцерагчы паверхню гал. люстэрка, а таксама выкарыстаць схему М.т. ў фатаграфічных аб’ектывах. Найбольшыя ў свеце М.т. з меніскамі дыям. па 700 мм (люстэркі дыям. каля 1000 мм) пабудаваны ў СССР і ўстаноўлены ў Абастуманскай астрафіз. абсерваторыі (Грузія) і Паўд. астр. абсерваторыі ЗША (Чылі) Розныя варыянты М.т. пашыраны сярод аматараў астраноміі.

Я.У.Чайкоўскі.

т. 9, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)